ЦЯ́ГАВАЯ ПАДСТА́НЦЫЯ,
электрычная падстанцыя, прызначаная для сілкавання токам рухавікоў эл. цягі на чыгунках, метрапалітэне, прамысл. электратранспарце, трамвайных і тралейбусных лініях. Будуюцца ў выглядзе трансфарматарных падстанцый і пераўтваральных падстанцый.
Трансфарматарныя Ц.п. служаць для паніжэння напружання 3-фазнага току (ад энергасістэмы) да 27,5 кВ, неабходнага для работы чыг. рухомага саставу, і 6—10 кВ — для прамысл. транспарту, а таксама 1-фазнага току ад спец. электрастанцый. Пераўтваральныя Ц.п. выкарыстоўваюцца на лініях, што працуюць на пастаянным току. Яны пераўтвараюць 3-фазны пераменны ток (ад энергасістэмы) у пастаянны (напружаннем 275 В для падземнага эл. транспарту, 600 і 825 В для гар. і прамысл., 1650 В для прамысл. транспарту, 3300 В для магістральных чыгунак) або ў 1-фазны пераменны паніжанай частаты. Адрозніваюць Ц.п. адкрытага і закрытага (размешчаны ў асобных памяшканнях) тыпаў, перасоўныя (звычайна на чыг. платформах). Чыг. Ц.п. выкарыстоўваюць для сілкавання і нецягавых спажыўцоў, размешчаных паблізу электрыфікаваных чыгунак.
т. 17, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)